БІХА́РСКІ СЛЮДАНО́СНЫ РАЁН,
у Індыі (штат Біхар), буйнейшы ў свеце. Даўж. 160 км, шыр. 16—25 км. Асваенне з 1848. Пегматытавыя жылы плагіяклаз-кварц-мускавітавага саставу залягаюць пераважна ў слюдзяных сланцах. Колькасць буйнакрышт. мускавіту ў жыльнай масе да 180 кг/м³, выхад ліставой слюды з сырцу каля 17%. Як спадарожныя здабываюць берыл, калумбіт, уранініт. Гал. пастаўшчык на сусв. рынак ліставой высакаякаснай слюды рубінавага колеру (бенгальская слюда). Фабрыкі ў г. Кодарма і Гірыдых.
т. 3, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)